Правы дзіцяці па-беларуску гэта крута!

11  Апреля 2016 г.  в 17:08 : Разное: обо всём понемногу

8 красавіка ў СШ №29 у рамках агульнашкольнага мерапрыемства “Тыдня прававых ведаў” у 5 “Г” беларускім класе гаварылі аб правах дзяцей.

Правы дзіцяці па-беларуску гэта крута!

Калі бацькі вучняў даведаліся ад класнага кіраўніка Ніны Мікалаеўны Паляковай, што ў школе плануецца правядзенне класнай гадзіны па тэме “Правы Дзіцяці”, яны вырашылі навязаць супрацоўніцтва з Брэсцкім Дзяржаўным Універсітэтам і звярнуліся з адмысловай прапановай да кіраўніцтва згаданых навучальных устаноў.

Адміністрацыя школы ў асобе яе дырэктара Сяргея Ўладзіміравіча Саўчука адгукнулася на пажаданне бацькоў і звярнулася ў БрДУ каб класная гадзіна аб правах дзіцяці прайшла з удзелам юрыдычнага факультэта.
Класны час па тэме “Правы Дзіцяці” правялі студэнты 3-га курса юрыдычнага факультэта Аляксандар Мацюшка і Дзмітры Лазарэвіч.

Правы дзіцяці па-беларуску гэта крута!

“Прапанова правесці заняткі ў беларускім класе нам спадабалася – гэта для нас знакава”, - сказалі яны на пачатку заняткаў: “А таму мы пачнем з удасканальвання вашага слоўнікавага запаса. Адна каманда атрымлівае ключавыя словы “ЗАКАНАДАЎСТВА”, а другая “КАНСТЫТУЦЫЯ”. Хто напрацягу 3-х хвілін складзе больш словаў з літар гэтых ключавых словаў – той перамог!” Дзеці назбіралі аднолькавую колькасць балаў.

Потым была кампутарная прэзентацыя аб правах дзіцяці. Па выніках прэзэттацыі на замацаванне атрыманых ведаў было праведзена некалькі конкурсаў. Дзецям было цікава, а бацькам прышпільна. Варта згадаць некалькі прыкладаў.

- Які артыкул парушыў воўк з’еўшы Чырвоную Шапачку? - пытае дзяцей студэнт Аляксандр.
- Права не жыццё, - адказвае вучань Алесь...
- Якія правы парушылі бацькі Спячай Прыгажуні, калі не сказалі аб накладзеным на яе праклёне?
- Права на інфармацыю, - выказвае здагадку Міколка.
- Які артыкул парушыла Далорэс Амбрыдж, калі забараніла збірацца Гары Потэру і ягонаму “Атраду Дамблдора”?
- Права на мірны сход! – цягне руку Францішак.
- Які артыкул парушылі жыхары, якія забаранялі дзецям гуляць з Асоль?
- Кожнае дзіцё мае права гуляць! – упэўнена сказаў Янка.

Пэўную дыскусію выклікала пытанне “Які артыкул парушылі сваякі Джульеты, калі забаранілі ёй сустракацца з Рамэа?” Супольнымі намаганнямі з дапамогай студэнтаў прыйшлі да высновы, што “права на асабістае жыццё”...

А потым быў СУД!

Правы дзіцяці па-беларуску гэта крута!

Адна каманда павінна была апраўдаць ваўка, якога абвінавацілі ў разбоі і знішчэнні майна трох парсючкоў, а другая каманда, мусела апраўдаць мядзведзя, які гвалтам утрымліваў непаўнагадовую Машу і сведама не аддаваў яе бацькам...

Дзецям “класная гадзіна” спадабалася, студэнты паабяцалі прыходзіць і надалей: “У нас ва універсітэце ёсць “прававая клініка”, якая аказвае бесплатную дапамогу маламаёмасным, звяртайцеся”.

Вучні 5 “Г” беларускага класа спадзяюцца на працяг супрацы школы і ўніверсітэта і ў будучыні разлічваюць пабачыць у сваім класе студэнтаў-практыкантаў, якія забяспечаць іхняе канстытуцыйнае права на атрыманне адукацыі на беларускай мове.