Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Тэлевяршыня Мікалая Пракаповіча

27  Мая 2015 г.  в 14:54 : Разное: обо всём понемногу

Тэлевяршыня Мікалая ПракаповічаКалі я ішла на сустрэчу з гэтым знакамітым журналістам, паэтам і майстрам беларускага слова, хвалявалася, нібыта перад экзаменам. Мікалай Мікалаевіч падчас маёй вучобы ў ліцэі рэдагаваў вершы, якія я пад уплывам прачытаных беларускамоўных твораў спрабавала пісаць. Ён з павагай адносіўся да кожнага радка, бо ведаў, што адчуваюць маладыя аўтары, калі іх творы лічаць непатрэбнымі.

Творчая скарбніца Мікалая Пракаповіча – гэта зборнікі вершаў, шматлікія сустрэчы з найцікавейшымі жыхарамі зямлі берасцейскай, сорак гадоў працы на тэлебачанні. Ён ужо знайшоў сваіх чытачоў і прыхільнікаў асабістага, непаўторнага вершаванага стылю. А апошнім дасягненнем у журналісцкай дзейнасці стала яе прызнанне на рэспубліканскім узроўні. На мiнулым тыдні падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў XI нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня» Мікалай Пракаповіч стаў першым у намінацыі «Лепшы вядучы рэгіянальных праграм». Адразу пасля ўрачыстасцяў Мікалай Мікалаевіч даў інтэрв’ю карэспандэнту газеты «Брэсцкі веснік». 

– Мікалай Мікалаевіч, віншуем з перамогай! Некалькі слоў аб цырымоніі. Гэта Ваша першая ўзнагарода?

– Так, раней я быў у дадзенай намінацыі ў пазамінулым годзе, а зараз нарэшце мне пашанцавала. Само свята было па-сапраўднаму ўрачыстым. Доўжылася яно гадзіны тры. Узнагароду ўручалі былыя суразмоўнікі маёй перадачы «Край» Вольга Сацюк і Раман Матульскі.

– Напэўна, шлях да гэтай узнагароды быў напоўнены шматлікімі сустрэчамі. Як склалася Ваша творчая біяграфія на тэлебачанні?

– Сёлета спаўняецца сорак гадоў, як я працую ў гэтай творчай сям’і, а яшчэ тры гады да тэлебачання я працаваў на радыё. Ужо пройдзена, як кажуць, дастойная дыстанцыя. Але перадача «Край» не адзіная, якую я рабіў і раблю. Дарэчы, у гэтым годзе выйдзе пяцісоты яе выпуск. Зараз мы выходзім у эфір два разы на месяц. Калі гаварыць увогуле, то фармат «Краю» мне дапамагла знайсці творчасць. Я нейкі час працаваў у тэлечасопісе «Буг», які стварыў Міхась Рудкоўскі. Менавіта па яго запрашэнні апынуўся ў аддзеле мастацкіх праграм. Пасля ствараў перадачу «Берасце» і другія праекты, прысвечаныя краязнаўству. І «Край» аб’яднаў усе мае творчыя натхненні. Культура Берасцейшчыны, усё, што звязана з людзьмі і іх творчымі пошукамі, прафесійнымі і непрафесійнымі рамёствамі, цікавыя падзеі, імпрэзы, выставы і святы, – вось якая тэматыка маёй перадачы. Вельмі цікава займацца такой творчай працай. 

– Тэлебачанне для Вас – гэта жыццё ці проста праца?

– Калі быць шчырым, то ў маладосці і больш сталым узросце, калі шмат пісаў, не меньш важнай была паэзія. Але многія вершы і тэмы для ніх часта прыходзілі да мяне як раз падчас тэлевізійных сустрэч. Непаўторнае Палессе я адкрываў праз яго апантаных творчасцю жыхароў. Так што гэтыя два заняткі раней былі цесна звязаны і пераплецены. У рэшце рэшт тэлебачанне стала маім жыццём, але гэтая творчая майстэрня ніколі не ціснула мне на плечы, а, наадварот, падымала.

– Ваша праца і прафесія аказалі ўплыў на дзяцей?

– Безумоўна. Старэйшы сын Віталь пасля музыкальнага каледжу скончыў Акадэмію мастацтваў у Мінску і доўгі час працаваў гукарэжысёрам на тэлебачанні. Малодшы Ілля пасля універсітэту шмат гадоў аддаў радыё. Цяперашні шлях дзяцей ускосна звязаны з тэлебачаннем. Віталь стаў вядомым эстрадным спеваком, Ілля знайшоў сябе ў прыватнай фірме, дзе займаецца здымкамі фільмаў па індывідуальных заказах.

– Як Вы лічыце, наша тэлебачанне павінна быць беларускамоўным ці двухмоўным?

– Канешне, па магчымасці ў нашай працы ўжываць родную мову патрэбна хаця б напалову. Але гэта сёння праблема агульная для ўсёй краіны. Не скажу, што наша тэлебачанне беларускамоўнае. Увогуле, мова – гэта аснова нацыі, культуры і дзяржавы. Яе жыццядзейнасць неабходна пашыраць.

– А што трэба раб іць, каб маладое пакаленне шчыра і з вялікім задавальненнем размаўляла на беларускай мове?

– Любоў да роднага слова павінна прывівацца са школы і нават дзіцячага сада. Але не толькі на ўроках, а ўвогуле па жыцці. Як, напрыклад, у беларускамоўных класах. Пры чым праца гэтая будзе мець рэзультат, калі яна робіцца без прымусу. Самы лепшы ўклад у справу ажыўлення мовы – уласны. Для мяне беларускае слова не проста «працоўны інструмент». Па-за ўжываннем роднай мовы я сябе проста не ўяўляю.

Источник: Брестский Вестник
Автор: ТАЦЦЯНА СТАСЮК