Творчая сустрэча з Людмілай Рублеўскай прайшла у Берасцi

2  Марта 2015 г.  в 20:47 : Брест - культурная столица Беларуси

 “…Я веру, што мы нараджаемся менавіта там, дзе болей за ўсё патрэбныя”. Л. Рублеўская

Творчая сустрэча з Людмілай Рублеўскай прайшла у Берасцi

Творчая сустрэча з беларускай пісьменніцай Людмілай Рублеўскай “Паміж кніжных старонак шукайце мяне” адбылася 25 лютага ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна.

Людміла Іванаўна спецыяльна прыехала на некалькі гадзін у наш горад над Бугам, каб сустрэцца з прыхільнікамі свайго таленту. А талент у яе бясспрэчны, шматгранны. За што б ні бралася майстар, - за вершы, за гістарычную ці прыгодніцкую прозу, за літаразнаўчыя артыкулы ці даследванні, - заўсёды атрымліваецца цікава і неадназначна. Масавы чытач ведае Людмілу Рублеўскую як журналіста-аглядальніка літаратурных твораў у газеце “СБ. Беларусь сегодня”.

Падарожжы ў часе і экскурсы ў гісторыю прысутнічаюць амаль што ва ўсіх творах пісьменніцы, як паэтычных, так і празаічных. Пры чым, заўсёды адчуваюцца адносіны аўтара да сваіх герояў, вобразнасць і арыгінальнасць пісьма, класічная беларуская мова.

Быццам на адным дыханні праляцеў час сустрэчы. Атрымаўся не проста маналог сталічнай госці, а, хутчэй, дыялог паміж аўтарам і яе чытачамі. Паэтка чытала свае вершы, прыводзіла цікавыя гістарычныя факты, прэзентавала сваю новую трылогію, і увесь час адчувалася, што Людміла Рублеўская сапраўдны патрыёт краіны, нездарма ж яна аднойчы падкрэсліла: “Свет па-ранейшаму для мяне цікавы, Беларусь па-ранейшаму неспазнаная і адзіная ў свеце…”

Творчая сустрэча з Людмілай Рублеўскай прайшла у Берасцi

Хочацца адзначыць, што сустрэча з Людмілай Рублеўскай адбылася ў рамках праекта “За старонкамі дапаможніка, альбо Жывая класіка”. Спадзяюся, што ў рамках гэтага праекта нас чакае яшчэ шмат цікавых уражанняў. 

Нечаканы прэзент чакаў Людмілу Рублеўскую на творчай сустрэчы у бібліятэцы імя Пушкіна з рук кіраўніка бібліятэчнай сістэмы Святланы Сямашка. У знак удзячнасці і вылучнай гасціннасці быў паднесены шыкоўны тэматычна ўпрыгожаны торт.

Творчая сустрэча з Людмілай Рублеўскай прайшла у Берасцi

Людміла Рублёўская – беларуская паэтка і празаік, журналіст і літаратурны крытык. Адна з самых вядомых сучасных беларускіх пісьменніц. Яна піша як вершы, так і прозу, асноўную частку якой складаюць гістарычныя раманы. Пачынала пісаць на рускім, але пазней, пад уплывам твораў Караткевіча і Багдановіча, перайшла на беларускі.

Працавала літаратурным кансультантам у «Народнай газеце», рэдактарам аддзела крытыкі часопіса «Першацвет», у газетах «Наша словы», «Літаратура і мастацтва», цяпер – літаратурны аглядальнік газеты «СБ – Беларусь сёння». Некаторы час была аўтарам серыі радыёперадач па гісторыі і сучаснасці беларускай мовы, якія трансляваліся на канале «Культура» пад назвай «Дзеяслоў». Цяпер пражывае ў Менску. 

Узнагароды і званні:

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

2002 – лаўрэат конкурсу драматургіі «Купалавы далягляды» (п'еса «Апошнія гастролі Агасфрела»); 

2004 – лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў» (раман «Золата забытых магіл»); 

2011 – лаўрэат прэміі Францішка Багушэвіча (раман «Падзямелле Ромула»); 

2013 – намінацыя на прэмію імя Eжi Гедройца (раман «Авантуры Прантiша Вырвiча, шкаляра і шпіёна»).