У Пружанскім раёне былую сталоўку пераўтварылі ў савецкае кафэ

13  Января 2015 г.  в 12:32 : Брестская область

Незвычайнае кафэ адкрылася ў вёсцы Крыніца. Па ідэі, прапанаванай старшынёй райспажыўтаварыства Д.П.Карпеем, капітальны рамонт памяшкання былой сталоўкі поўнасцю змяніў яе інтэр'ер. Цяпер наведвальнікі кафэ нібыта вяртаюцца ў гады Савецкага Саюза: пра мінулую эпоху нагадвае афармленне асноўнага і банкетнага залаў.
Фота: Алег Сідарэнка
Фота: Алег Сідарэнка
Адразу кідаюцца ў вочы сцягі і гербы ўсіх саюзных рэспублік СССР, а замест пано на сценах - старонкі газет "Правда" і "Известия", якія чыталі практычна ў кожнай савецкай сям"і. Нават на стэлажы са спіртнымі напоямі красуецца лозунг, які памятае кожны, хто жыў у Савецкім Саюзе, - "Цвярозасць - норма жыцця".
Фота: Алег Сідарэнка
Такую ідэю падказала блізкасць да Крыніцы гістарычнай мясціны савецкай эпохі - рэзідэнцыі ў Віскулях, дзе ў 1991-м была падпісана дамова аб ліквідацыі вялікай краіны. Гэты момант увасоблены на фотаздымку ў банкетнай зале. Сама зала аформлена ў стылі паляўнічай сядзібы, але побач з паляўнічымі трафеямі тут вісяць партрэты правадыроў і генеральных сакратароў КПСС.

Источник: Раённыя будні
Автор: Алег Сідарэнка