Пра важнасць і патрэбнасць фестывалю альтэрнатыўнай культуры “Прызба-фэст” можна меркаваць хаця б па колькасці творчых людзей, што не паленаваліся ехаць у пушчанскую частку Пружанскага раёна. Тут тусаваліся музыкі, мастакі, эколагі, перакладчыкі, керамісты і проста шмат цікавых і пазітыўных людзей, адчаго часам стваралася ўражанне, быццам прысутнічаеш на хіпі-вечарыне. Канешне, калі бываюць хіпі-вечарыны без вялікай колькасці алкаголю і травы
Побыт
Афіцыйна фэст пачынаўся яшчэ ў пятніцу, але асноўная маса гасцей даязджала ці ў канцы гэтага дня, ці ўжо ў суботу раніцай – хто як змог вызваліцца з працы. Але ў выніку людзей набралася сапраўды шмат, і гэта пры тым, што дабірацца ў Залессе – 120 кіламетраў ад Берасця – мягка кажучы не надта зручна. Праўда, арганізатары стараліся гэтую нязручнасць па меры сіл згладзіць. Мы, напрыклад, сваім ходам дабраліся адно да Аранчыц, а там селі ў наняты аўтобус.
Што да жытла, то на аграсядзібе “Залессе”, на базе якой адбываўся фэст, усяго два невялікія дамкі, куды пасялілі самых ганаровых гасцей. Большасць наведвальнікаў фэсту з энтузіязмам размясцілася ў сваіх намётах, і радасць ад начлегу на свежым паветры азмрочылася толькі ў другую ноч, якая чамусьці аказалася проста непараўнальна халаднейшай за першую.
Харчаванне на аграсядзібе таксама было арганізаваным. Вегетарыянцаў, пра якіх рэдка думаюць на масавых мерапрыемствах, тут чакаў рай: усе дні ежа была выключна без мяса. Акрамя таго, на палявой кухні ў любы час можна было здабыць ці кампот, ці зёлкавую гарбату, а ў шапіку выязнога гандлю прыкупіць да іх булку. Так што галодным, нягледзячы на вялікую колькасць наведвальнікаў, не застаўся ніхто.
Выстава дз¦цячых малюнкав чарнобыль
Праграма
Зразумела, творчыя людзі ехалі ў Пружанскі раён не толькі для таго, каб падыхаць свежым паветрам, пажыць у намёце ды паесці грэчкі з вогнішча. Найбольш вабіла прыемная кампанія і тыя імпрэзы, якімі арганізатары матывавалі да зрушвання з утульнай гарадской кватэры. Імі былі лекцыі і дыскусіі, у якіх выявілася скразная тэма фэсту – сацыяльнае мастацтва; паказы нямога кіно з жывым музычным акампанементам; канцэрты, прэзентацыі і спектаклі; майстар-класы па разнастайным рэчам ад напісання твітаў да пляцення інтэр’ерных вянкоў.
З майстар-класаў найбольш папулярным аказаўся майстар-клас па шоўкаграфіі, іншымі словамі – па друку на тканіне. Ля стала Святланы Гусаковай пастаянна таўклося шмат цікаўных.
– Гэта вельмі цікава для дзяцей, і шмат хто з дарослых, як выявілася, даўно хацеў паглядзець, што такое сетка, што такое ракель, што такое правесці ракелем па сетцы і зрабіць сабе малюнак. Гэта чароўны працэс, усе вельмі здзіўляюцца. А мне падабаецца людзей здзіўляць нейкімі новымі, яшчэ не такімі папулярнымі рэчамі.
Спектакляў таксама было некалькі. Дзіцячы спектакль “Аповеды з Вялікага Сяла” і “Зямля Б” польска-нямецкага тэатра “Венгайты” адбыліся ў Вялікім Сяле, куды ў нядзелю перанесліся ўсе падзеі “Прызба-фэста”. А ў Залессі прайшла беларуская прэм’ера апошняга праекта тэатра “Крылы халопа” пад назвай “Чарнобыль”.
Святлана Гусакова майстар шовкаграфіі
“Чарнобыль”
Арыгінальная рэч, якую цяжка назваць проста спектаклем. Задзейнічаны не толькі акторы, а процьма людзей, ад якіх сабрана і выкарыстана фактычная інфармацыя, а таксама гледачы.
“Чарнобыль” пачынаецца з відэа, запісанага тэатрам падчас двух экспедыцый у зону адсялення і яе ваколіцы. Толькі пасля таго, як глядач як след уваходзіць у тэму, на сцэне з’яўляецца першая акторка. Але і яна вядзе не надуманыя маналогі – у вобразе адной з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, яна распавядае гісторыю словамі і мовай першакрыніцы.
Калі з’яўляецца другі персанаж – ліквідатар наступстваў аварыі – першая гераіня хаваецца ў глыбіню сцэны, але працягвае дзейнічаць. З дапамогай вэб-камеры, карцінка ад якой праектуецца на экран, мы бачым, як яна шукае ў чамадане старыя фота і дакументы. Калі выходзіць трэцяя апавядальніца – жыхарка зоны адсялення, на экране ўжо можна разгледзець змесціва чамадана Ліквідатара. Можа падацца, што такая шматпланавасць адводзіць гледача ад асноўнага аповеду, але ж планы добра дапаўняюць адзін аднаго і не даюць публіцы стаміцца ад маналогаў.
Затым дарослыя героі мяняюцца на дзяцей, што пацярпелі ад аварыі. Зноў жа – гучаць цалкам рэальныя гісторыі з дзіцячых сачыненняў. Але праўдзівасць так зыграна, што перастае быць толькі голым фактам, становіцца мастацкім здабыткам. Акторам “Крылаў халопа” ўдаецца давесці, што нягледзячы на цяжкія хваробы і перажытыя жыхі, дзеці “Чарнобыля” не адрозніваюцца ад звычайных – ім гэтак жа хочацца гуляць ды сваволіць.
Наступная частка спектакля – пераломная для ходу яе падзей. Тут акторы выходзяць са сваіх роляў і расказваюць, што памятаюць пра красавік 1986 года. Калі выказваюцца ўсе трое, наступае чарга гледачоў, і адбываецца гэта настолькі натуральна, што ахвотных падзяліцца набіраецца больш за дзясятак. Няхітры прыём – а задумваешся, што для цябе асабіста значыць чарнобыльская трагедыя, і разумееш, што яна дагэтуль тычыцца кожнага без выключэння.
З гэтым разуменнем глядач ідзе ў наступную частку спектакля – асэнсаванне будаўніцтва беларускай атамнай станцыі, якое вядзецца ў нашыя дні. І тут тэатр не адыходзіць ад жанру doc, прытрымліваецца толькі рэальных выказванняў. Сабраны яны з разнастайных форумаў (на экране нават можна пабачыць, пад якім нікнэймам і калі іх пакінулі) і структураваны ў палілогі. Важна, што меркаванні прысутнічаюць самыя розныя, яны адлюстроўваюць сапраўдную палярнасць меркаванняў і імітуюць грамадскую дыскусію адносна будаўніцтва, якая ў сапраўднасці за межы інтэрнэту так і не выйшла.
Увогуле спектакль “Чарнобыль” з’яўляецца прыкладам таго самага сацыяльнага мастацтва, якое абмяркоўвалася на лекцыях фэста і якое прыцягвае ўвагу да найбольш балючых пытанняў рэчаіснасці.
Тэатразнаўца Таццяна Артымовіч распавядае пра беларускую новую драму
Яшчэ колькі слоў
Арганізатарамі “Прызба-фэсту” з’яўляюцца ўласнік аграсядзібы “Залессе” Сяргей Сідарук і тэатр “Крылы халопа”. Сяргея ведаюць па залесім “Савіным фэсце”, а тэатр вопытны ў арганізацыі невялікіх форумаў альтэрнатыўнай культуры ў Берасці. Так што творчыя намаганні абодвух бакоў удала ўзаемадапоўніліся і выдалі арыгінальны для нашых краёў прадукт. “Мы ад’ехалі ад Берасця на 120 кіламетраў, і было трохі страшна, што людзі не даедуць. Але людзей шмат, значыць яны гатовыя разам з намі выносіць культурную прастору за межы горада”, - гаворыць актор тэатра Сяргей Гайко.
Па ўсім відаць, што людзі і праўда гатовыя.