Гарадскі выканаўчы камітэт горада Брэста, вынес на грамадскае абмеркаванне прапанову аб назве новай вуліцы, якая ўтварылася пасля будаўніцтва транспартнай развязкі "Заходні абыход", што ў раёне Брэсцкай Крэпасці. Першапачаткова планавалася надаць вуліцы назву "Таможная", што на думку філолагаў не прымальна, з прычыны не існавання такога слова ў беларускай мове. З улікам меркавання філолагаў у брэсцкіх і іншагародніх СМІ, а таксама апытанняў у сацыяльных сетках на карысць іншай назвы (не "Таможнай"), Берасцейскі Малады Фронт (далей МФ) пачынае безпрэцэндэнтную акцыю па наданню назвы новай вуліцы – “імя Кастуся Каліноўскага”.
Сваё рашэнне, маладзёны тлумачаць некалькімі прычынамі:
1) Сёлета адзначаецца 150 гадавіна нацыянальна-вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага;
2) Брэст (горад і крэпасць) былі непаспрэдна звязаны з падзеямі паўстання (адбываліся рэйды інсургентаў у ваколіцах гораду, удзельнікі адбывалі пакаранне ў мясцовай турме, якая месцілася ў крэпасці);
3) Наданне назвы новай вуліцы не звязана з перайменаваннем старой, таму бюджэт гораду не панясе дадатковых выдаткаў;
4) Чэмпіянат свету па хакеі і іншыя спартовыя падзеі прыцягнуць турыстаў, якія згодна міжнародных даследванняў, прагнуць адчування аўтэнтычнасці краіны, што прыдасць каларыт, калі назвы вуліц нашых гарадоў будуць звязаны з імёнамі нацыянальных герояў і падзеямі нацыянальнай гісторыі;
5) Брэст - гэта “заходняя брама” Беларусі і годная назва новай вуліцы, недалёк Варшаўскай шашы, паспрыяе фармаванню пазітыўнага іміджу як гораду, так і краіны;
6) У Брэсце (у адрозненні ад шэрагу іншых гарадоў: Пружанаў, Мінску, Гродна, Свіслачы) не ўвекавечана памяць аб Кастусю Каліноўскім ні ў назве вуліцы, ні ў помніку.
У сувязі з вышэй згаданым, Берасцейскі МФ прапануе і заклікае грамадзян да акцыі, накіроўваць свае прапановы па назве вуліцы "імя Кастуся Каліноўскага" на адрас: Брэст, Міцкевіча 25, альбо на пошту: brestvestnik@mail.by, далучацца да кампаніі ў сацыяльных сетках (http://vk.com/maladyfront). Згодна з ініцыятывай Гарвыканкаму Брэста, менавіта праз ліставанне (праз адрас газеты “Брестский вестник”) і адбудзецца грамадскае абмеркванне назвы, якое будзе доўжыцца да 20 снежня 2013 году. МФ у сваю чаргу запэўнівае што ўсімі законнымі і дасяжнымі сродкамі і формамі, на перыяд збору прапановаў, будзе весці агітацыйную і папулярызацыйную кампаніі па назве вуліцы “імя Кастуся Каліноўскага”. Кампанія ўжо пачалася і працягнецца ў сацыяльных сетках, СМІ, перфомансах, электронных петыцыях і інш. Гэтаксама можна далучыцца да акцыі зрабіўшы фотаздымак з шыльдай, якую МФ перадасць у кожны куточак Беларусі таму, хто замовіць яе праз: press.mfront@gmail.com. МФ заклікае вядомых асобаў культуры, палітыкі і простых грамадзян фатаграфавацца з шыльдай і дасылаць здымкі на адрас: press.mfront@gmail.com, ці выкладываць у акаўнт у сацыяльных сетках.
Апроч гэтага заклікаем далучацца да кампаніі “Зробім фота для вуліцы Каліноўскага” офісы, прадстаўніцтва і сядзібы СМІ, грамадскіх, палітычных, недзяржаўных, культурніцкіх, камерцыйных арганізацыяў якія зацікаўлены ва ўшанаванні асобы Каліноўскага як нацыянальнага героя. Далучыцца можна праз размяшчэння на офісе плакату кампаніі разам з шыльдай, на якім апісана як тэхнічна (у асноўным праз тэлефон) сфатаграфавацца з шыльдай.
Малады Фронт, у сваю чаргу спадзяецца тым самым згуртаваць вакол асобы Каліноўскага як нацыянальнага героя, грамадзян Беларусі і паспрыяць развіццю салідарнасці між німі. У свеце гэта завецца – фармаванне грамадзянскай супольнасці. Паказаць на практыцы спробу вырашэння лакальнай праблемы, з дапамогаю глабальнай салідарнасці. Гэтаксама МФ спрабуе пераадоліць негатыўны імідж, створаны апанентамі. Макет плакату і шыльды далучаны да лісту у фармаце pdf.