У пружанскай школе дзеці малююць маннай кашай

24  Сентября 2013 г.  в 12:02 : Музыка, кино, музеи, выставки

Ствараць жывыя малюнкі з пяску, а калі казаць дакладней і адразу раскрыць усе карты – з манкі, у СШ №5 пачалі нядаўна. Гісторыю сваёй сям’і на выпускны вечар "намалявала" настаўніца пачатковых класаў Іна Малыха.

У пружанскай школе дзеці малююць маннай кашай

У Іны Мікалаеўны атрымалася такое прыгожае відовішча, што ў калектыве школы адразу ўзнікла ідэя вучыць незвычайнай справе і вучняў. Кіраўніком новага гуртка "Вясёлка" стала настаўніца Галіна Віктараўна Пакроўская. Адметна, што і прыстасаванні для малявання пяском у школе зрабілі сваімі рукамі, дырэктар нават ахвяраваў лямпу з уласнага акварыума.

Зараз у Галіны Віктараўны займаюцца тры дзяўчынкі: Насця Пракопчык, Іра Ячычка і Маргарыта Вахновіч. Усе яны выдатна малююць на паперы, а з нядаўняга часу спрабуюць свае сілы ў новым відзе творчасці. Дарэчы, такі спосаб малявання выкарыстоўваецца ў анімацыі яшчэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Новую хвалю папулярнасці ён набыў з дапамогай сучаснай музыкі: многія выканаўцы так пачалі аздабляць свае кліпы.

У пружанскай школе дзеці малююць маннай кашай



Каб малюнак жыў разам з музыкай – гэта і ёсць вяршыня майстэрства, да якой прагнуць дзяўчынкі. А пакуль пад пільным кіраўніцтвам Галіны Віктараўны вучацца рабіць статычныя выявы.

Новае хобі так захапляе, што юныя мастачкі працягваюць трэніроўкі і дома: высыпаюць манную крупу на звычайныя кухоныя сталы і шукаюць ідэі, спрабуюць новыя рухі. Чым больш такіх трэніровак, тым лаўчэй пальцы, сцвярджаюць дзяўчынкі і абяцаюць, што ў хуткім часе сваімі кампазіцыямі будуць здольны ўпрыгожваць урачыстасці.

Карціны, якія робяцца манкай на шкляным століку з падсвечваннем, здымае спецыяльная камера, з якой выява перадаецца на камп’ютар з праектарам, а адтуль на вялікі экран.

У ідэале такія карціны робяцца вулканічным пяском, або добра адмытым і прасеяным рачным, але звычайныя манныя крупы аказаліся больш даступнымі і таксама дазваляюць тварыць. Акрамя эстэтычнага задавальнення, якое атрымлівае як творца, так і яго гледачы, такі від творчасці заспакойвае нервы, дае станоўчы настрой. 

Источник информации: Кацярына Пашкевіч, фота: Анастасія Дудко, Раённыя будні