У Берасці стартавала ініцыятыва, якая мае на мэце вярнуць кожнаму закладзеныя прыродаю мастацкія здольнасці

26  Марта 2013 г.  в 22:16 : Музыка, кино, музеи, выставки

Як прымусіць дарослага чалавека адыйсці ад надзённых праблемаў і выключыць гэтак званы ўнутраны калькулятар? У Берасці стартавала ініцыятыва, якая мае на мэце вярнуць кожнаму закладзеныя прыродаю мастацкія здольнасці. Сяргей Кавалевіч і Вольга Сарока ў Берасці вядомыя, дзякуючы сваім няўрымслівым ідэям. Яны арганізоўвалі танцы, заняткі ёгаю, купанне ў ледзяной палонцы. Сёння ініцыятыўная пара занялася правапаўшарным маляваннем.

СЯРГЕЙ КАВАЛЕВІЧ, АРГАНІЗАТАР:
“У нас два паўшар’і ў галаве: левае і правае. Левае адказвае за розум і рацыянальныя паводзіны. А правае – за эмоцыі ды мастацтва. Адключаем адное – працуе іншае. І атрымліваюцца шэдэўры”.

Некалькі дзясяткаў чалавек, якія наведалі першы такі занятак у цэнтры духоўнага развіцця “Маяк”, са здзіўленнем адкрылі для сябе, што маюць творчыя здольнасці. У правапаўшарны рэжым новыя мастакі ўваходзяць прыкладна на 30-й хвіліне трэнінгу, што ўлучае музыку, атмасферу і пэўныя словы. І тут з імі пачынаюць адбывацца цуды: адчуванне эстэтыкі ды задавальненне ад вобразаў дапамагае і расслабіцца, і ствараць.

УДЗЕЛЬНІКІ:
“Тут няма правілаў, межаў. Чаго табе хочацца – тое і робіш, няма нейкіх стандартаў”.
“Пачуццё перапоўненасці, жарсці, любові”.
“Пачуццё захаплення, такі пад’ём, эмацыйнае вызваленне, палёт”.

Паводле арганізатараў, самае галоўнае ў такіх практыках – проста пачаць.

ВОЛЬГА САРОКА, АРГАНІЗАТАРКА:
“Цудоўна, калі людзі збіраюцца, выцягваюць з сябе ўсё, што ёсць унутры цудоўнае і светлае ды не толькі светлае. Гэтая псіхалагічная практыка дастаткова магутная”.

Каб удзельнічаць у занятках, не трэба запасацца нейкімі адмысловымі сродкамі – дастаткова прынесці пэндзлі ды паперу. А трэнінгі такія ў Берасці будуць працягвацца.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў” http://.eu