Праз два тыдні адчыняцца школьныя дзверы і распачнецца навучальны год. Але першаму верасня папярэднічаюць грунтоўныя і даволі каштоўныя рыхтаванні. Школьны рыштунак – сапраўднае выпрабаванне для сямейнага бюджэту.
Прыйсці на школьны кірмаш шмат для каго з жыхароў Берасця – традыцыя. Штогод на гэтым месцы мамы і таты шукаюць сваім дзецям лепшага школьнага жыцця.
ЛЮБОЎ, ЖЫХАРКА БЕРАСЦЯ: “Нам трэба партфель, таму прыйшлі за партфелем. Заадно – сшыткі, асадкі”.
Калісьці на кірмашы людзі куплялі ўсё не гледзячы, кажуць прадаўцы. Аднак леташні эканамічны абвал зрабіў папраўкі ў звычкі беларусаў.
ПРАДАВАЧКІ: “Зараз бывае, што ў школе не ўсё і патрэбна, не ўсім карыстаюцца. Ужо бацькі глядзяць”.
“Баяцца ўсе коштаў, пужаюцца і ўцякаюць”.
І ёсць чаго пужацца.
ПАКУПНІЦА: “Сарафанчык – 230 тысячаў, жакецік – 250, штаны – 170–200. А яшчэ плюс абутак”.
Апрануць, абуць і даць у рукі заплечнік са сшыткамі – выходзіць не менш за 1,5 мільёны на дзіця.
ПАКУПНІЦА: “Яшчэ пойдзем у школу, і з 1 верасня пачнуцца астатнія школьныя паборы”.
Берасце – горад памежны. Таму людзі ездзяць на закупы ў Польшчу – там кошты ўдвая-ўтрая ніжэйшыя. Папулярныя і аўтобусныя шоп-туры ва Украіну.
СЯРГЕЙ БОЖЫК, БАЦЬКА ПЯЦЯРЫХ ДЗЯЦЕЙ: “Вязуць масла, сыры туды, а адтуль прыязджаюць з вопраткаю, сшыткамі для дзетак, абуткам”.
У Сяргея пяцёра дзетак, з іх трое – школьнікі. Да 1 верасня сям’я пачала рыхтавацца яшчэ ўвесну. Напрыклад, сшыткі ўжо закупілі.
СЯРГЕЙ БОЖЫК, БАЦЬКА ПЯЦЯРЫХ ДЗЯЦЕЙ:
“Жонка паездзіла па крамах, па рынках, шукала, дзе танней. Бо ведалі, што кошты падымуцца, і адначасова купіць на ўсіх траіх будзе амаль немагчыма”.
Дзеці не толькі хутка растуць, у іх ёсць свой густ і свая мода. І ніхто не хоча выглядаць горш за аднакласнікаў. Так што рыхтуйма грошы, мамы і таты.