Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Роўпджампінг, або скокі з вяроўкаю з высокіх аб'ектаў, прыйшоў у Берасце

23  Июля 2012 г.  в 22:42 : Праздники, события, мероприятия

Роўпджампінг, або скокі з вяроўкаю з высокіх абСкочыць у бездань не кожны зможа, нават калі ведае, што яго страхуюць вяроўкі ды адмысловы альпінісцкі рыштунак. Але штосьці прымушае сотні дзяўчат і хлопцаў уздымацца на дахі высокіх дамоў і масты, каб зноў скочыць уніз.

Вышыня 24 метры, скок – і свабоднае падзенне доўжыцца ўсяго паўтары секунды, але тыя, хто спрабаваў, кажуць...

НАТАЛЛЯ:
«Калі я ляцела, мне падавалася, што гэта нерэальна, што гэта запаволеныя здымкі. Мне падавалася, што я вельмі павольна падаю».

Роўпджампінг, або скокі з вяроўкаю з высокіх аб'ектаў, прыйшоў у Беларусь адносна нядаўна, але ўжо заваяваў сваіх сталых прыхільнікаў у розных гарадах. Адна з групаў джампэраў існуе ў Берасці.

КІРЫЛ, РОЎПДЖАМПЭР, АРГАНІЗАТАР СКОКАЎ:
«На наступным тыдні мы збіраемся наведаць Бабруйск, там будуць скокі. Пакуль мы скакалі ў Берасці, у нас ёсць тры аб’екты. Пакуль асвойваем Берасце».

Вынайшаў роўпджампінг амерыканскі скалалаз Дэн Осман, трэнуючы наўмысныя зрывы падчас узыходжання. На жаль, сам вынаходнік загінуў падчас выканання скоку – абарвалася вяроўка. Таму тэхніка бяспекі мусіць быць на самым высокім узроўні.

СЯРГЕЙ, РОЎПДЖАМПЭР, АРГАНІЗАТАР СКОКАЎ:
«У нас усё вельмі строга, рыштунак увесь час абнаўляецца – ніякага разгільдзяйства, дакладны разлік перад тым, як штосьці зрабіць».

Але мала таго, што спорт гэта экстрэмальны, дадатковай дозы адрэналіну дадаюць... праваахоўнікі. Часам яны зрываюць скокі, бо ўлады лічаць роўпджампінг нелегальным.

СЯРГЕЙ, РОЎПДЖАМПЭР, АРГАНІЗАТАР СКОКАЎ:
«Яны кажуць, што вы прыцягваеце людзей, якія захочуць браць з вас прыклад. У вас ёсць досвед і прафесійны рыштунак, а ў іх няма, таму могуць быць няшчасныя выпадкі».

Страх гэты пакуль навыраст. У Беларусі, на шчасце, смяротных выпадкаў сярод джампэраў пакуль не было. А ахвотных паказытаць сабе нервы прыбывае.

ВОЛЬГА:
«Скок быў першы. Адчуванні проста неверагодныя, я б нават сказала невербалізаваныя. Вельмі здорава!»

СВЯТЛАНА:
«Адчуванні – спачатку страшна, а потым ляціш – класна. Мне вельмі спадабалася, прыйду яшчэ абавязкова».

Новыя людзі лёгка могуць знайсці джампэраў у інтэрнэце. Калі маеш 18 гадоў і няма медычных супрацьпаказанняў, то навічкам звычайна не адмаўляюць у ажыццяўленні мары – хоць праз імгненне ляцець як птушка.

Вольга Кляўчэня, «Аб’ектыў» http://.eu