Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Векавы дом у цэнтры Берасця ўжо больш як чвэрць стагоддзя таму прызнаны аварыйным і прызначаны пад знос

12  Июля 2012 г.  в 19:35 : Недвижимость

Векавы дом у цэнтры Берасця ўжо больш як чвэрць стагоддзя таму прызнаны аварыйным і прызначаны пад зносАле ўвесь гэты час там жывуць людзі ды чакаюць, калі ім дадуць нармальнае жытло.

Дом па адрасе Куйбышава 87, што ў самым цэнтры Берасця, пабудавалі яшчэ ў 1925 годзе. Аднак ад экскурсіі, якую здымачнай групе “Аб’ектыву” зладзілі яго жыхары, робіцца папросту млосна.

АЛЯКСАНДР, ЖЫХАР ДОМУ:
“Гэтай печцы ўжо, не ведаю, можа гадоў семдзесят. Узімку ў печцы нешта звалілася, і пайшоў дым. Вось, зірнеце, якія тут шчыліны!”

ВАЛЯНЦІНА КАЗЛОВІЧ, ЖЫХАРКА ДОМУ:
“Калі праводзілі ваду і ацяпленне, вось гэтая прыбудова-кухня павалілася на дарогу”.

Выходзім на вуліцу. Вось напаўразваленая прыбіральня, якую даўно ніхто не чысціць. Замест душу – пластыкавыя тазікі.

АЛЯКСАНДР, ЖЫХАР ДОМУ:
“Падмурак залеплівалі гадоў дзесяць таму, але сэнсу ад гэтага няма, бо пацукі шарудзяць напоўніцу! Калі б не котка, то падлогі, напэўна, ужо не было б. Бо ў кватэры ўжо дзіры паўсюль дзесяць сантыметраў у дыяметры. Я туды ўжо і шкло кідаў, і камяні”.

Скразнякі з дзіравай падлогі гэткія, што ўзімку даводзіцца хадзіць па кватэры ў цёплых ботах.

АЛЯКСАНДР, ЖЫХАР ДОМУ:
“Вось, зірнеце, якія тут дошкі. Тут сцяна з палец таўшчынёю. Людзі ідуць па сцежцы – я чую іхныя крокі! Гэтае вакно, калі я яго адчыню, паваліцца, бо цалкам згніла”.

А вось самых жыхароў аварыйнага дому не чутно зусім. Прынамсі, гэткае ўражанне складаецца, калі гартаеш іхнае ліставанне з мясцовымі ўладамі.

ТАЦЦЯНА ПАЛЯНЮК, ЖЫХАРКА ДОМУ:
“Альбо хай бы нам нашыя ўлады ўжо сказалі канкрэтна, калі знясуць, альбо не вадзілі б за нос, бо кожныя тры месяцы ідзе ліст з адпіскаю: маўляў, у наступным квартале, у наступным квартале. Апошні ліст быў у першым квартале сёлета – дагэтуль нас ніхто не знёс”.

Аднак пакуль да зімы далёка, страхі іншыя.

ТАЦЦЯНА ПАЛЯНЮК, ЖЫХАРКА ДОМУ:
“Баімся апошнім часам, што нас могуць падпаліць, як неаднаразова падпальваецца будынак былога “Эталону”. Спальваюць клеці. Аднак самае цікавае тое, што “бамжы” не падпальваюць клеці, запоўненыя нейкім інвентаром, а толькі пустыя. Я думаю, гэта наўмысна робіцца, каб мы потым не выставілі аніякіх прэтэнзіяў да ўладаў альбо да фірмы, якая нас увесь час абяцае знесці”.

Падозранні падаюць на кампанію “Італія Інвест Груп”, якая атрымала права на забудову гэтага надзелу яшчэ пазалетась, аднак за два гады не пачала нават падрыхтоўчых працаў.

ТАЦЦЯНА ПАЛЯНЮК, ЖЫХАРКА ДОМУ:
“Мы ўжо не ведаем, на што спадзявацца. Вы – нашая апошняя надзея: можа хоць вас пачуюць, не пачуўшы нас!”

І вось цуд: у гарвыканкаме нас пачулі!

ВАСІЛЬ КАВАЛЬЧУК, ГАРВЫКАНКАМ, БЕРАСЦЕ:
“Італьянская кампанія распрацавала праект, на сёння падпісала інвестыцыйную дамову, распрацоўвае будаўнічы праект. Яшчэ мінімум год праектаванне будзе. На сёння італьянская кампанія падпісала інвестыцыйную дамову з берасцейскім аблвыканкамам ужо на распрацоўванне і рэалізацыю праекту. Там цікавы такі дыхтоўны праект. Таму я думаю, што не раней за 2015 год з’явіцца магчымасць адсялення”.

Да таго ж часу, патлумачыў чыноўнік, жыхары дому на Куйбышава 87 мусяць рамантаваць усё самастойна, бо кватэры – прыватная ўласнасць. А ўжо ў 2015 годзе ўсім прапануюць адразу па некалькі варыянтаў новага жылля. Засталося толькі дажыць.


Валеры Руселік, “Аб’ектыў” 

Источник информации: http://.eu