Што ні кажы, а веру ў казкі людзі пакуль яшчэ не страцілі. І таямнічым вечарам 6 ліпеня, пакінуўшы тэлевізары і кампутары, жыхары вёскі Чэрні падаліся на пошукі папараць-кветкі.
У гэтым годзе паліць вогнішча на беразе возера было забаронена, таму мерапрыемствы адбываліся на галоўнай пляцоўцы вёскі ля Дома культуры. Вогнішча пераўтварылася ў невялічкую горку дроў на плітцы, а лісце папараця апынулася ў вянках спяваючых дзяўчынак.
Увогуле атрымалася добрае свята і для малых, і для дарослых. Ансамбль “Чэрнічанка” узгадаў традыцыйныя купальскія песні і гульні, а таксама аб’яднаў усіх у вялікі карагод пад гукі вядомай кожнаму “Купалінкі”.
Калі сонейка закацілася, успыхнулі першыя іскры полымя! Удзельнікі фаер-шоў перанеслі нас у старажытныя часы варажбітаў і зачаравалі рухам агню.
А потым усю ноч гучала музыка і працягвалася дыскатэка. Магчыма, ніхто і не думаў шукаць тую самую кветку шчасця, але галоўнае для людзей было тое, што ўвечары іх чакала прыемнае свята!
Аўтар: Вольга Малафеечава Фота: Зміцер Босак, Наста Лагодзіч