Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Брэст: за сем крокаў да 1000-годдзя

26  Июня 2012 г.  в 18:52 : Недвижимость

У гарвыканкаме прэзентавалі будаўнічыя праекты абласнога цэнтра, акцэнтаваўшы асаблівую ўвагу на стварэнні інфраструктуры і выдзяленні месцаў пад аўтастаянкі.

У 2019 годзе самы заходні горад Беларусі адзначыць 1000 гадоў з часу першага летапіснага ўспаміну. Ад урачыстасцяў з гэтай нагоды нас аддзяляе ўсяго сем гадоў. Варта ўзгадаць, што старадаўняе Бярэсце было пабудавана візантыйскімі майстрамі. Паводле дакументальных сведчанняў, па прыгажосці горад мала чым саступаў Празе і Кракаву таго часу. Менавіта Брэст першым з беларускіх гарадоў атрымаў магдэбургскае права. Тут чаканілі грошы, друкавалі кнігі.

На апошняй міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай берасцейскім кнігазборам, абмяркоўвалі, як лепш абазначыць месца сярэднявечнай друкарні, — бо тое месца нядаўна знайшлі... У Бярэсці распрацоўваўся план ваеннай кампаніі 1410 года, вынікам якой з'явілася Грунвальдская бітва і перамога. У ХІV-ХVІ стагоддзях Бярэсце было найбуйнейшым горадам ВКЛ. Наш горад плаціў у казну княства больш, чым Коўна, Мінск і Смаленск разам узятыя. А крыху больш за два стагоддзі таму, пасля прыняцця рашэння аб пераносе горада па прычыне ўзвядзення крэпасці, тут пачаліся масавыя хваляванні. Патрыятычна настроеныя гараджане здолелі сабраць чарцяжы і схемы пабудоў старога горада. Што-нішто захавалася на паперы да нашых дзён пасля таго, як горад быў спалены і зруйнаваны.

Брэст: за сем крокаў да 1000-годдзя

Аб тым, як узнавіць асобныя гістарычныя аб'екты старога Бярэсця, ішла размова яшчэ два гады таму. Задумкі былі вялікія. Цяпер відавочна, што многія праекты давядзецца адкласці на пазнейшыя часы. Але ў раёне былога горада, на тэрыторыі цяперашняй крэпасці ўсё ж разгорнецца вялікая работа. На востраве Пагранічны, як і задумана раней, будзе ўзведзена гасцініца. Знайшоўся расійскі інвестар.

Што яшчэ зробяць у наступныя гады, як зменіць горад сваё аблічча, расказаў нядаўна на нарадзе з удзелам губернатара старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў. Прысутныя даведаліся, якія планы ў гарадской адміністрацыі наконт цэнтра горада, дзе, здавалася б, і так дастаткова шчыльная забудова. Аказалася, у многіх месцах вырастуць цэлыя кварталы новага жылля. З’явяцца дамы на вуліцы Гогаля, дзе раней размяшчаўся домабудаўнічы камбінат. Забудаваць гэты раён мяркуецца аж да Брэсцкай крэпасці. Яшчэ адзін участак ад вуліцы Нафтавай да вуліцы Пушкінскай, у тым ліку і тэрыторыя былога ваеннага гарадка "Інтэнданцкі" ператворыцца ў квартал сучаснага жылля. Тут, акрамя жылых дамоў, плануецца ўзвесці супермаркет. Яшчэ на гэтым участку пасля рэканструкцыі былога ваеннага шпіталя размесцяцца службы УУС.

Будзе пашырацца будаўніцтва і ў Паўночным гарадку. Арганізацыя "Палессежылбуд" абяцае рэалізаваць гэты праект за 3-4 гады на тэрыторыі былой вайсковай брыгады. Яшчэ адзін жылы квартал плошчай 200 тысяч квадратных метраў з'явіцца на вуліцы лейтэнанта Рабцава. Акрамя гэтага, жылыя дамы вырастуць уздоўж Варшаўскай шашы. З-за сваёй незвычайнай формы яны ўжо атрымалі мянушку "зубры". Квартал жылой забудовы злучыць вуліцы Веры Харужай з вуліцай Фаміна. 16-павярховік вырасце каля тэхнічнага ўніверсітэта, шматкватэрны дом арыгінальнай архітэктуры абяцае ўпрыгожыць сабой вуліцу Астроўскага...

Вялікія планы ў горада і па развіцці сацыяльнай інфраструктуры, пашырэнні гандлёвай сеткі. Так, Паўднёва-Заходні мікрараён неўзабаве атрымае школу на 1120 месцаў і дзіцячы садок на 260 выхаванцаў. Даўно наспела патрэба ў краме з шырокім асартыментам тавараў на вуліцы Машэнскага. Яшчэ дзевяць такіх гандлёвых аб'ектаў будуць узведзены ў іншых кропках горада. А ў раёне чыгуначнай станцыі Брэст-Палескі з'явіцца шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны комплекс "АЛМІ". Каля гіпермаркета "Карона" нам абяцаюць супермакет для мужчын, а таксама цэнтр моды. Усё ж мы жывём на мяжы краіны, і модзе трэба адпавядаць. Праўда, і сёння аб гэтым стабільна клапоціцца стары добры "ЦУМ". Але неўзабаве і ён зменіць сваё аблічча на больш стыльнае. Над гандлёвым домам узвядуць надбудову ў выглядзе купала, дзе размесцяцца гандлёвыя рады, кавярня, кіназала. На вуліцы Леніна ўжо сёлета паўстане "каробка" новага будынка лялечнага тэатра, а яго незвычайная архітэктура абяцае стаць мясцовай адметнасцю. Чакаць засталося нядоўга. Яшчэ адну архітэктурную "разыначку" спецыялісты вырашылі размясціць на скрыжаванні вуліц Гогаля і Фаміна — 22-павярховы шматфункцыянальны гасцінічна-забаўляльны комплекс стане самым высокім будынкам у абласным цэнтры. А на даху размесцяцца кавярня і глядзельная пляцоўка.

Падчас нарады старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар падкрэсліў, што ўсе новыя жылыя аб'екты трэба праектаваць з выдзяленнем месца пад стаянкі аўтатранспарту і стварэннем інфраструктуры для камфортнага жыцця гараджан.

Святлана ЯСКЕВІЧ. "Звязда