Валанцёры грамадскай кампаніі «Без візы» і берасцейская моладзь 7 красавіка запусцілі ў еўрапейскія прасторы папяровыя караблікі – сімвалы свабоды.
Акцыя прайшла ў чатырох гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Менску, Гародне і Магілёве. Портам для караблікаў у Берасці стала Набярэжная, дзе некалькі дзясяткаў папяровых суднаў спусцілі ў Мухавец.
«Караблікі, што мы рабілі, сімвалізуюць тое, што мы хацелі б ездзіць у Еўропу без віз. Удзельнікі акцыі маглі выбраць сабе розныя сцягі тых краін, куды б яны хацелі паехаць, – распавёў Radio START адзін з ўдзельнікаў. – Мяркуем, што вось такімі масавымі акцыямі мы звярнем увагу грамадзян да гэтай праблемы».
Кампанія «Без візы» сцвярджае, што бязвізавы рэжым – гэта ня ўтопія, а рэальная мэта праграмы «Усходняе партнёрства», і тэхнічна Беларусь амаль што гатовая да гэтага.
Падобнымі акцыямі, зборам подпісаў і руплівай працай грамадзянскай супольнасці краіны Балканаў дамагліся бязвізавага рэжыму.