Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

У Брэсцкім раёне мясцовыя ўлады разагналі гусей

4  Ноября 2011 г.  в 11:32 : Стихия, природа, животные

У Брэсцкім раёне мясцовыя ўлады разагналі гусей

Іна ХОМІЧ, Брестский Курьер

Гераінямі сапраўднага крымінальнага фільма маглі адчуць сябе дзве суседкі з в. Лышчыцы Брэсцкага раёна, калі лавіць іх на месцы злачынства з’ехалася начальства ажно на 4 машынах. Злачынства палягала ў тым, што пенсіянеркі пасвілі гусей за межамі свайго падворка на пашы для кароў.

Гісторыя камічная найперш сваёй рэальнасцю. Але што нам, людзям староннім, смех, тое вяскоўцам слёзы. Тым больш што проста разгонам гусей справа не закончылася: гэта выклікала жорсткія санкцыі з боку мясцовых улад.

Вось, напрыклад, рашэнне праўлення СПК “Астрамечава” ў адносінах да мужа адной з фігурантак справы: “Лишить Парфенюка Николая Якимовича 150 кг зерна, согласно коллективного договора, допустившего неоднократный выпас домашней птицы на пастбище для коров”. Стыль, як кажуць, захаваны, так што Мікалай Парфянюк, узнагароджаны, дарэчы, пяццю медалямі за працу ў калгасе, з-за трыклятага дагавора пазбаўлены паложанага зерня за тое, што праводзіў выпас домашняй птушкі ў неўсталяваным для гэтага месцы. Напэўна, з-за таго ж незаконапаслухмянага дагавора былога ўдарніка пазбавілі і саломы, якую гаспадарка цяпер не хоча выпісваць гора-ўладальнікам гусей нават за грошы. Мікалай Якімавіч абураецца, паказваючы свае ўзнагароды: “І варта было працаваць, каб цяпер такое прыніжэнне цярпець? Ля свайго ж плота пасвілі, не дзе-небудзь. Вы толькі паглядзіце, што яны пішуць!”

І мы глядзім на яшчэ адну прышпіленую карэспандэнцыю – на гэты раз з Лышчыцкага сельскага выканкама, які інфармуе, што “в связи с постановлением Министерства здравоохранения Республики Беларусь от 12.05.2010 "О комплексном плане мероприятий по профилактике высокопатогенного гриппа", Вам (г.зн. Мікалаю Парфенюку. – Аўт.) необходимо прекратить свободный выгул принадлежащей Вам домашней птицы на землях общего пользования”.

Прычым само Міністэрства аховы здароўя ні сном ні духам, што яно ў мінулым годзе так шчыльна займалася высокапатагенным грыпам – у архіве пастаноў гэтага ведамства няма той, на якую спасылаецца Лышчыцкі сельскі Савет. Затое ёсць падобная пастанова таго ж года (08.10.2010 г.) у Міністэрства аховы здароўя Расійскай Федэрацыі, дзе праблему птушынага грыпу сапраўды ніхто не здымаў з павесткі дня, паколькі Расія, як і Украіна, стаіць на шляху сезоннай міграцыі птушак. Нічога не ведаюць аб пагрозе высокапатагеннага грыпу ў Беларусі і вузкія спецыялісты. Галоўны ветэрынарны ўрач г. Брэста Віктар Трацюк сказаў нам наступныя важныя рэчы: 1) разносчыкамі высокапатагеннага грыпу з’яўляюцца качкі, а не гусі; 2) у Беларусі не было пакуль ніводнага выпадку гэтага захворвання, таму ніякіх нагод абмяжоўваць свабоду перамяшчэння свойскім птушкам няма.

Ёсць у сельскіх улад і яшчэ адзін аргумент супраць парушальнікаў парадку: кожны від жывёл павінен пасвіцца асобна, а луг, куды выгналі сваіх гусей пенсіянеркі, прызначаецца для выпасу кароў. Можа падацца, што праўленне СПК абараняе тэрыторыю рагатых жывёл сваёй гаспадаркі, ажно не – на лузе традыцыйна пасецца 12 кароў, што належаць вяскоўцам. Падобна, каровы (як і іх гаспадары, дарэчы) не супраць былі падзяліць 10 гектараў пашы з дзясяткам-другім маладых гусей, але ў шытай белымі ніткамі справе яны аказаліся галоўнымі ахвярамі, а значыць і абвінаваўцамі.

Парфенюкі ж задаюцца пытаннем: “А навошта наогул жыць у вёсцы, калі нічога нельга трымаць? Бо калі нельга пасвіць, значыць, немагчыма і трымаць”. Відаць, штосьці не працуе ў дзяржаўнай праграме адраджэння сяла.